Гурта “Умка и Броневик” болей не існуе – каманду, якая існавала амль 20 гадоў пакінулі басіст і бубнач, толькі падалося што расейскі андэграўнд застаўся без свайго флагмана, як з’явілася навіна, што Умка (яна ж Ганна Герасімава) сабрала новы склад музыкаў і неўзабаве адбудуцца першыя электрычныя канцэрты, у тым ліку і ў Мінску. Напярэдадні канцэрта “Будзьма” паразмаўляла з Умка пра Мінск і Беларусь, знаёмста з Леанідам Дранько-Майсюком, літоўскую паэзію і даведалася, ці праўда, што новы гурт так і назвалі “Умка и Новый состав”.
— “Броневика” больш не існуе, цяпер з’явіўся гурт “Новый состав”. Раскажы хто гэтыя людзі і чаму вы абралі такую назву.
— “Новый состав” — не гурт. То бок не назва гурта. Гэта я жартую так. Нейкі гурт ёсць, але гэта проста новы склад, які грае са мной і з Борам (Кануннікавым, гітарыстам “Броневика” – “Будзьма”). Пакуль што. Добрыя музыкі, прыемныя людзі, лёгкія ў зносінах, дастаткова прафесійныя і разам з тым не “высакалобыя”. Нармальна ўсё гучыць. А наконт “Нового Состава” — гэта прыяцель адзін у інтэрнэце пажартаваў, ну, і я растыражавала яго жарт. Праўда, “Броневичок” таксама з жарту ўзяўся. Але я шчаслівая расстацца з ранейшай назвай, дастала яна нас звыш усялякай меры.
— Чаго чакаць ад новага гурта, ці будзе ён па рэпертуары адрознівацца ад “Броневика”?
— Думаю, максімум, на што мы цяпер здольныя, — гэта годнае выкананне наяўнага матэрыялу. Цяперашні склад грае раўней за папярэдні, і гэта не дзіўна. Але песень мы пакуль ведаем абмежаваную колькасць. Будзем рухацца наперад, паўстане нешта новае. Ужо ёсць другі гітарыст, але ў першых канцэртах ён яшчэ не ўдзельнічае. Паступова гук будзе мяняцца, рэпертуар пашырыцца. Я спадзяюся.
— Наколькі складана збіраць склад з новых людзей пасля практычна 20 гадоў сумеснай музыкі?
— Склад збіраць вельмі проста. Даеш аб’яву ў сацсетках, і да вечара ў цябе дзесяць барабаншчыкаў і трыццаць басістаў. Тым больш цяпер ніякага кастынгу не трэба — ткнуў пару разоў у відэа, і ўсё ўжо зразумела. Нам вельмі моцна пашанцавала, практычна з першай спробы. Гэта якраз нескладана, складана расставацца са старымі сябрамі, з якімі столькі разам пройдзена, зроблена, большасць песень нараджалася ў іх на вачах, і “выхоўвалі” мы іх разам… У нас даўно ўжо ўсё неяк развальвалася, але рашучы крок я зрабіць не магла, менавіта праз гэтую доўгую сумесную гісторыю, праз чалавечыя узаемаадносіны, памяць. То бок ініцыятыва не мая. А можа, нездарма — можа, трэба было ўжо некалькі гадоў таму проста і дзелавіта ўзяць і “памяняць склад”. Але я так не ўмею.
— Чым раней займаліся новыя ўдзельнікі гурта?
— Займаліся і займаюцца музыкай. Гралі і граюць у розных складах. Цяпер кожны можа на іх дасье ў інтэрнэце паглядзець: басіст — Арцём Рабаў, бубнач — Андрэй Панкратаў. Выдатныя хлопцы, не нам роўня. На рэпетыцыях (а ў нас шмат было рэпетыцый) гляджу і думаю: цікава, як мы з Борам збоку выглядаем, нашая ўнутрана супярэчлівая “творчая адзінка” з дзвюма галовамі. Думаю, з намі цяжкавата. Як казалі Бора з Мішам (музыкі “Броневика” – Будзьма), “вы спярша адно з адным разбярыцеся, а мы пойдзем пакурым”. Цяжка, але цікава, я так мяркую.
— Стаць тваім музыкам вельмі няпроста — што для гэтага трэба зрабіць?
— Стаць маім музыкам вельмі проста. Бяда ў тым, што ў мяне няма вакансій. Вось, напрыклад, мы задумваемся пра клавішніка, але ж… гэта ж цэлая справа, клавішнік. Гэта яшчэ горш, чым гітарыст… А насамрэч трэба ўмець граць старую музыку без двукоссяў. Я не маю на ўвазе лютневую або старажытнагрэцкую, а, сам разумееш, стары сапраўдны рок-н-рол. Не як “культурную цытату”, а як частку свайго жыцця. І “Броневік” гэта ўмеў, пры ўсіх сваіх розных якасцях, не заўсёды станоўчых.
— Ты казала пра тое, што ў цябе ёсць беларускія карані, можаш трошкі падрабязней расказаць?
— Мая мама нарадзілася ў Мінску, бабуліна сям’я з Барысава, дзядулева аднекуль з Прыпяці (яны прамаўлялі — «Припьять»). Але беларусамі я б іх не адважылася называць.
— Памятаеш свой першы прыезд у Мінск? Якое ўражанне горад пакінуў тады і якое цяпер?
— Памятаю, вядома. Мы з мамай і татам на машыне па дарозе ў Літву заехалі да бабулінай сястры, яна жыла на вуліцы Талбухіна. Мінск ніякага асаблівага ўражання не пакінуў, звычайны савецкі горад, народ прыязны. Гэта не змянілася. Ну, вядома, прыгажосці навялі шмат, цэнтр такі збудавалі, раней старога цэнтра, па-мойму, наогул не было ці ён быў у дрэнным выглядзе, прынамсі ніхто па ім мяне гуляць не вадзіў. Казалі, што ўсе разбурана вайной.
— Мінская хіповая тусоўка ў мінулыя часы адрознівалася ад маскоўскай або віленскай?
— Першы раз мы ў Мінску бачылі хіпаноў з Ягорам Радавым зімой 80-81 года, патэлефанавалі класічна па “сістэмным” тэлефоне і трапілі ў госці да нейкага Жана, вельмі каларытнага чалавека з доўгімі густым хаерам і вялізнымі вачыма. Я думала тады, што ва ўсіх “сапраўдных” хіпі (мы ж былі так сабе, студэнты) якія-небудзь наварочаныя флэты з фотаздымкамі Led Zeppelin на сценах і гэтак далей, а тут звычайная савецкая кватэрка, нейкія камоды, крэслы , усе сядзяць на падлозе ў паўзмроку, п’юць партвейн, у суседнім пакоі мама, я яшчэ памятаю, гэты Жан, даведаўшыся, што мы з Літінстытута, стаў паказваць свае вершы, жудасныя, там было пра арла, што ён хоча быць арлом з нейкім там (не памятаю эпітэта) сэрцам «у грудзях». Ну, усе былі вельмі маладыя, нам па 18-19, яму, напэўна, 20 ці крыху больш… І нас потым адправілі начаваць да дзяўчынкі, зусім цывільнай звычайнай дзяўчынкі, у такую ж кватэрку з мамай, я дзівілася: што ж у іх усіх такога хіповага? Потым ужо пазнаёмілася з Бацем, з Кальком, але гэта ўжо праз некалькі гадоў.
— У Літаратурным ты перасякалася з беларускімі пісьменнікамі, хто-небудзь з іх зрабіў уражанне?
— У мяне быў знаёмы — Лёня Дранько-Майсюк, яго цешча жыла ў нашым доме, я нават пераклала нейкія яго вершы, але дэталяў не памятаю.
— Пачалося з двухмоўнага перавыдання маіх старых перакладаў (адпаведна, з арыгіналамі) вершаў Гінтараса Патацкаса, упершыню надрукаваных яшчэ ў пачатку 90-х, потым у тым жа выглядзе і выдавецтве (ОГИ) выйшла першая частка яго сучаснай кніжкі “Малая Боская Ко”, потым мне спадабалася — і я зрабіла такога ж Антанаса Ёнінаса, і цяпер выходзіць “падвойная” білінгва — з аднаго боку Патацкас у маіх перакладах, з другога — я ў яго перакладах, называецца “Узаемазалік”. Яшчэ рыхтую кніжку класіка срэбнага стагоддзя, Генрыкаса Радаўскаса. Усё гэта выдаецца пры падтрымцы выдатнага фонду “Літоўскія кнігі”, які падкідвае некаторую суму на аплату працы перакладчыка, а я гэтую суму хітра трачу на выданне і забіраю сабе ільвіную долю накладу і потым прадаю на канцэртах і дару сябрам, вельмі зручна. Малюнкі да Патацкаса малявала Крысціна Радава, тая самая, якая ілюстравала маю кніжку “Для дзяцей і дурняў”. Увогуле, хутка самі ўбачыце.
— Як так атрымалася, што ты перакладаеш менавіта літоўскую літаратуру?
—Я літоўскую ведаю з дзяцінства — мае бацькі перакладалі з літоўскай, мама была кансультантам па літоўскай літаратуры ў Саюзе пісьменнікаў, у Вільні жыве мой траюрадны брат, з якім мы вялікія сябры. Лічу Літву сваёй другой радзімай, вельмі люблю літоўскую мову. Ну, а да твайго пытання, чым вы нам так палюбіліся – вы вось так зручна размешчаныя — па дарозе з Масквы ў Вільню і назад. І наогул вы добрыя, з вамі добра і спакойна. І публіка цёплая, якая разумее, залатая публіка.
Электрычны канцэрт Умкі і яе новага складу адбуддзецца ў Мінску, 18-га лютага ў клубе “Піраты”
Гутарыў Юрась Ускоў